Дыдактычная гульня – сродак развіцця беларускага маўлення

22.04.2024

Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Мова і маўленне традыцыйна разглядаліся ў псіхалогіі, філасофіі і педагогіцы як вузел, у якім сходзяцца розныя лініі псіхічнага развіцця: мысленне, уяўленне, памяць, эмоцыі. Маўленне, як адзін з самых важных сродкаў чалавечага пазнання, служыць асноўным каналам спасціжэння чалавекам каштоўнасцяў духоўнай культуры, а таксама неабходнай умовай выхавання і навучання.

       Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Паўнавартаснае валоданне роднаю моваю ў дашкольным дзяцінстве з’яўляецца неабходнаю ўмоваю рашэння задач разумовага, эстэтычнага і маральнага выхавання дзяцей у максімальна сензетыўны перыяд развіцця. Развіццё і фарміраванне маўлення ў дашкольным дзяцінстве закладвае асновы паспяховага навучання ў школе.

Развіццё маўлення дзіцяці адбываецца ў цеснай узаемасувязі з засваеннем фанетычнага боку, слоўнікавага складу і граматычнага ладу мовы. Гэта праблема цесна звязана з педагагічным працэсам, у ходзе якога ажыццяўляецца фармаванне ў дзіцяці маўленчых уменняў і навыкаў, і на гэтай аснове адбываецца развіццё яго маўлення: разуменне сэнсу слова і абагачэнне слоўніка, засваенне сістэмы моўных паняццяў і заканамернасцяў ў галіне марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу, авалодванне гукавой культурай маўлення, фармаванне звязнага маўлення.

Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Аднак неабходнасць у рацыянальнай пабудове, арганізацыі і выкарыстанні яе ў працэсе навучання і выхавання патрабуе дакладнага і падрабязнага вывучэння. Даследванні, праведзеныя псіхолагамі, педагогамі, лінгвістамі, стварылі перадумовы для комплекснага падыходу да вырашэння задачаў маўленчага развіцця дашкольнікаў. Метадалагічнай асновай даследвання з’яўляецца тэорыя маўленчай дзейнасці, якая сфармуляваная ў працах Л.С.Выгоцкага, С.Л.Рубінштэйна, Д.Б.Эльконіна, А.А.Лявонцьева, Ф.А.Сохіна, А.М.Шахнаровіча і іншых даследвальнікаў. Парблема заключаецца ў тым, што ўзровень развіцця маўлення старэйшых дашкольнікаў не заўсёды адпавядае норме маўленчага развіцця. Не ў поўным аб’ёме выкарыстоўваюцца эфектыўныя сродкі развіцця маўлення ва ўмовах дашкольнай адукацыйнай установы, у прыватнасці, дыдактычныя гульні.

Класіфікацыя дыдактычных гульняў

Для таго, каб гульні сталі сапраўдным арганізатарам жыцця дзяцей, іх актыўнай дзейнасці, іх цікавасцей і патрэбнасцей, неабходна, каб у практыцы выхавання было багацце і разнастайнасць гульняў. Дзіцячае жыццё можа быць цікавым і змястоўным, калі дзеці будуць мець магчымасць гуляць у розныя гульні. Разнастайнасць гульняў каштоўна таму, што ў гэтых умовах становіцца магчымым рашэнне вялікіх выхавальных задач – адносін дзяцей адзін з адным, засваення норм жыцця ў дзіцячым узросце, фарміравання характару і г.д. Магчымасці кожнага дзіцяці лепш за ўсё прыметныя, калі яно ўдзельнічае ў разнастайных забавах.Існуюць тысячы шматлікіх гульняў, у асноўным добрых і карысных. Вядомы гульні, якія разлічаны толькі на канкрэтны ўзрост. Ёсць гульні без узросту, у іх гуляюць і дарослыя людзі, і малыя дзеці.

Дашкольнае дзяцінства – вялікі адрэзак жыцця дзіцяці. Умовы жыцця ў гэты час імкліва пашыраюцца: рамкі сям’і рассоўваюцца да межаў вуліцы, горада, краіны. Дзіця адкрывае для сябе свет чалавечых адносінаў, розных відаў дзейнасці і грамадскіх функцый людзей. Ён імкнецца ўключыцца ў гэтае дарослае жыццё, актыўна ўдзельнічаць у ім, але гэта для яго яшчэ недасягальна. Адзіным сродкам спасціжэння свету і спробы сваіх сілаў з’яўляецца гульня. Дыдактычная гульня – адна з формы навучання і выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

На сённяшні дзень існуе шмат класіфікацый дыдактычных гульняў розных аўтараў. А.К. Бандарэнка зазначае, што ў дашкольнай педагогіцы ўсе дыдактычныя гульні ў залежнасці ад дыдактычнага матэрыялу можна падзяліць на тры асноўныя віды:

·      гульні з прадметамі (цацкамі, прыродным матэрыялам);

·      настольныя друкаваныя гульні;

·      слоўныя гульні.

Гульні з прадметамі. У гульнях з прадметамі выкарыстоўваюцца цацкі і рэальныя прадметы. Дзеці гуляюць з імі і вучацца параўноўваць, выяўляць падабенства і адрозненне прадметаў. Каштоўнасць гэтых гульняў у тым, што з іх дапамогаю дзеці знаёмяцца з якасцямі прадметаў і іх прыметамі: колерам, памерам, формай, якасцю. У гульнях такога тыпу вырашаюцца задачы на параўнанне, класіфікацыю, вызначэнне паслядоўнасці ў вырашэнні задач. У выніку авалодвання новымі ведамі пра прадметнае асяроддзе задачы для дзяцей у гульні ўскладнаюцца: яны практыкуюцца ў вызначэнні прадмета па пэўнай прыкмеце, аб’ядноўваюць прадметы па гэтай прымеце (колер, форма, якасць, прызначэнне і г.д.), што вельмі важна для развіцця абстрактнага, лагічнага мыслення.

У гульнях з прадметамі дзеці выконваюць заданні, якія патрабуюць свядомага запамінання колькасці і знаходжанне прадметаў, знаходжання патрэбнага прадмета. Гуляючы, дзеці набываюць уменні складваць цэлае з частак, нанізваць прадметы (шарыкі, пацеркі), выкладваць узоры з разнастайных формаў.

У дыдактычных гульнях шырока выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя цацкі. У іх ярка выражаны колер, форма, прызначэнне, велічыня, матэрыял, з якога яны зроблены. Гэта дае магчымасць практыкаваць дзяцей у рашэнні канкрэтных дыдактычных задач, напрыклад, выбраць усе цацкі, зробленыя з дрэва (металу, пластмасы, керамікі) або цацкі для розных творчых гульняў: для гульні ў сям’ю, будаўнікоў і іншыя. Пры выкарыстанні гульняў падобнага зместу выхавальнік мае магчымасць выклікаць цікавасць да самастойнай гульні, падказаць дзецям задуму гульні з дапамогаю выбраных цацак.

Гульні з прыродным матэрыялам (насенне раслінаў, лісце, разнастайныя кветкі, каменьчыкі і г.д.) выхавальнік выкарыстоўвае пры правядзенні такіх дыдактычных гульняў як “Чые гэты дзеткі?”, “З якога дрэва ліст?”, “Збяры букет з асенніх траваў?” і г.д. Дарослы арганізуе іх пад час прагулкі, пры непасрэдным судакрананні са светам прыроды. У такіх гульнях замацоўваюцца веды дзяцей пра навакольны свет, фарміруюцца мысліцельныя працэсы (аналіз, сінтэз, класіфікацыя) і выхоўваецца любоў да прыроды, беражлівыя адносіны да яе.

Да гульняў з прадметамі адносяцца сюжэтна-дыдактычныя гульні і гульні-інсцэніроўкі. У сюжэтна-дыдактычнай гульні дзеці выконваюць пэўныя ролі: прадавец, пакупнік у гульнях тыпу “Магазін”, доктар у гульні “Бальніца” і г.д. Гульні-інсцэніроўкі дапамагаюць удакладніць уяўленні пра рознастайныя побытавыя сітуацыі, літаратурных творах (“Падарожжа ў краіну казак”), пра нормы паводзінаў (“Што такое добра і што такое дрэнна?”).

Настольна-друкаваныя гульні. Яны разнастайныя па відах: парныя малюнкі, лато, даміно. Разнастайныя і задачы, якія вырашаюцца з іх дапамогаю.

Падбор малюнкаў па парах. Самае простае заданне ў такой гульні – знайсці сярод розных малюнкаў аднолькавыя: два каптурочкі, аднолькавага колеру, фасону і г.д. Потым заданне ўскладняецца: малюнкі неабходна аб’яднаць не толькі па знешнім прыметам, але і па сэнсе: знайсці сярод усіх малюнкаў два самалёты. Самалёты, намаляваныя на картках, могуць быць рознымі і па форме, і па колеры, але іх аб’ядноўвае, робіць іх падобнымі прыналежнасць да аднаго віду прадметаў.

Падбор малюнкаў па агульнай прымеце. Тут патрабуецца некаторае абагульненне, выяўленне сувязі паміж прадметамі. Напрыклад, у гульні “Што расце ў садзе (лесе, агародзе)?” дзеці падбіраюць карткі з адпаведнымі малюнкамі раслінаў, суадносяць іх з месцам, дзе яны растуць, аб’ядноўваюць малюнкі па агульнай прымеце. Або ў гульні “Што было потым?” дзеці падбіраюць малюнкі да казкі з улікам паслядоўнасці сюжэту.

Запамінанне складу, колькасці і месцазнаходжання картак. Напрыклад, у гульні «Адгадай які малюнак схавалі?” дзеці павінны запомніць змест малюнкаў, а потым вызначыць, якую з іх перавярнулі ўніз выяваю. Гэта гульня развівае памяць, працэсы запамінання і прыпамінання. Гульнявымі дыдактычнымі задачамі такога тыпу гульняў з’яўляецца таксама замацаванне ў дзяцей ведаў пра колькасны і парадкавы лік, пра прасторавае размяшчэнне картак на стале, уменне звязна расказваць пра тыя змены, якія адбыліся з малюнкамі, пра іх змест.

Складанне разразных малюнкаў і кубікаў. Задача гэтага тыпу гульняў – вучыць дзяцей лагічнаму мысленню, развіваць уменне з асобных частак складваць цэлае. У малодшых групах малюнкі разразаюць на 2–4 часткі, у сярэдняй і старэйшай дзеляць на 8–10 частак. Пры гэтым для гульні ў малодшай групе на малюнку павінен быць адзін прадмет: цацка, расліна, прадмет адзення і інш. Для старэйшых дзяцей на малюнках адлюстроўваецца сюжэт з вядомых казак, мастацкіх твораў, добра вядомых дзецям.

Апісанне, гісторыя пра малюнак з паказам дзеянняў, рухаў. У такіх гульнях выхавальнік ставіць задачу развіваць не толькі маўленне дзяцей, але і ўяўяленне, творчасць. Нярэдка дзіця для таго, каб удзельнікі гульні адгадалі тое, што намалявана на малюнку, выкарыстоўваюць імітацыю рухаў або падражае рухам жывёлы, яго голасу. Напрыклад, у гульні “Адгадай хто гэта?” дзіця бярэ малюнак, уважліва яго вывучае, а потым паказвае рухі і гукі ката, пеўня і г.д. Такія заданні даюцца дзецям малодшай групы. У старэйшых групах вырашаюцца больш складаныя задачы:адны ўдзельнікі гульні паказваюць дзеянне, намаляванае на картцы, іншыя – адгадваюць, хто намаляваны, што там робяць людзі (напрыклад, пажарныя тушаць полымя, маракі плывуць па моры, будаўнікі будуюць дом і г.д.). У гульнях такога віду фарміруюцца такія каштоўныя якасці асобы дзіцяці як здольнасць да пераўвасаблення, творчага пошуку ў стварэнні неабходнага вобразу.

Слоўныя гульні. Яны пабудаваны на словах і дзеяннях удзельнікаў гульні. У такіх гульнях дзеці вучацца выкарыстоўваць веды, уяўленні пра прадметы, паглыбляць веды пра іх, бо неабходна выкарыстоўваць набытыя раней веды ў новых сувязях і абставінах. Дзеці самастойна вырашаюць разнастайныя мысліцельныя задачы: апісваюць прадметы, вылучаюць іх характэрныя прыметы; адгадваюць па апісанні; знаходзяць прыметы падабенства і адрознення; групуюць прадметы па розных уласцівасцях, прыметах. Такога тыпу дыдактычныя гульні праводзяцца ва ўсіх узроставых групах, але асабліва важныя яны ў выхаванні і навучанні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, бо спрыяюць падрыхтоўцы дзіцяці да школы: развіваюць уменне ўважліва слухаць педагога, хутка знаходзіць адказ на пастаўленае пытанне, дакладна і ясна фармуляваць сваі думкі, выкарыстоўваць веды ў адпаведнасці з пастаўленай задачай. Зручна слоўныя гульні аб’яднаць у чатыры групы:

1)    гульні, з дапамогаю якіх фарміруецца ўменне выдзяляць істотныя прыметы прадметаў, з’яваў: “Адгадай!”, “Магазін”, “Так –не” і іншыя;

2)    гульні, якія выкарыстоўваюцца для развіцця ў дзяцей умення параўноўваць, супастаўляць, рабіць правільныя высновы: “Падобны – непадобны”, “Хто больш заўважыць небыліцаў”;

3)    гульні, з дапамогаю якіх развіваецца ўменне абагульняць і класіфікаваць прадметы па розных прыметах: “Каму што патрэбнае?”, “Назаві адным словам” і г.д.

4)    гульні на развіццё ўвагі, кемлівасці, хуткасці мыслення, вытрымкі, пачуцця гумару: “Сапсаваны тэлефон”, “Фарбы”, “Лятае – не лятае» і г.д. .

У працэсе эвалюцыі тыя ці іншыя віды дзейнасці дарослых аказалі значны ўплыў на змест і формы дзіцячых гульняў. Па гэтай прычыне яны маюць генетычную сувязь з самымі рознымі відамі працоўнай дзейнасці людзей і выступаюць як спецыфічная дзіцячая форма і пазнання, і працы, і зносінаў, і мастацтва, і спорту. На падставе такіх крытэрыяў дыдактычныя гульні падзяляюцца на:

маўленчыя;

гульні з цацкамі;

азнаямленню з навакольным асяроддзем;

фарміраванню матэматычных паняццяў;

музычнаму і фізічнаму выхаванню.

Па ступені актыўнасці дзяцей гульні падзяляюцца:

ігры-заняткі;

аўтадыдактычныя.

Умоўна можна вылучыць некалькі тыпаў дыдактычных гульняў, якія групуюцца па відах дзейнасці навучэнцаў:

—       гульні-падарожжы;

—      гульні-даручэнні;

—      гульні-меркаванні;

—      гульні-загадкі;

—      гульні-бяседы, гульні-дыялогі.

Гульні-падарожжы падобныя на казкі, іх ход падобны на развіццё казачнага сюжэту, цудамі. Гульня-падарожжа адлюстроўвае рэальныя падзеі або факты, але звычайнае паказвае іх праз незвычайнае, простае – праз загадкавае, складанае – тым шляхам, з дапамогаю якога ўсё можна пераадолець, неабходнае – праз цікавае. Усё, што адбываецца ў гульні, у гульневых дзеяннях, становіцца блізкім дзіцяці, радуе яго. Мэта гульні-вандроўкі – узмацніць уражанне, надаць пазнаваўчаму зместу трохі казачнай незвычайнасці, звярнуць увагу на тое, што знаходзіцца побач, што ў звычайных абставінах не звяртае на сябе ўвагі дзяцей. Гульні-падарожжы абвастраюць увагу, назіральнасць, спрыяюць лепшаму асэнсаванню задач гульні, дапамагаюць пераадолець складанасці і хутчэй дасягнуць поспеху. Гульні-падарожжы заўсёды маюць адценне рамантычнасці. Менавіта яно выклікае цікавасць і актыўны ўдзел у развіцці сюжэту гульні, узбагачае гульневыя дзеянні, актывізуе імкненне авалодаць правіламі гульні і атрымаць вынік: вырашыць задачу, даведацца аб невядомым, навучыцца новаму. Роль педагога ў такой гульні складаная, патрабуе ведаў, гатоўнасці адказаць на пытанні дзяцей у працэсе гульні, весці працэс навучання непрыкметна. Гульня-падарожжы – гэта тып гульні дзеяння, думкі, пачуццяў, форма задавальнення яго патрэбаў у ведах. У назве гульні, у фармулёўцы гульнявой задачы павінны быць “словы-заклікі”, словы, якія будуць выклікаць цікавасць у дзяцей, актывізаваць гульнявую дзейнасць. У гульні-вандроўцы выкарыстоўваюцца шматлікія спосабы для раскрыцця пазнальнага зместу ў сукупнасці з гулявой дзейнасцю: пастаноўка задачы, тлумачэнне спосабаў яе вырашэння, часам распрацоўка маршрутаў падарожжаў, паэтапнае вырашэнне задачаў, радасць ад іх вырашэння, змястоўны адпачынак. У склад гульні-падарожжа часам уваходзяць песні, загадкі, падарункі і многае іншае. Гульні-падарожжы часам няпрвільна атаясамліваюць з гульнямі-экскурсіямі. Істотнае адрозненне заключаецца ў тым, што экскурсія – форма прамога навучання і разнавіднасць заняткаў. Мэтаю экскурсіі часцей усяго выступае неабходнасць азнаямлення з тым, што патрабуе непасрэднага назірання, параўнання з тым, што ўжо вядомае. Часам гульню-падарожжа атаясамліваюць з прагулкаю. Але прагулка найперш мае аздараўленчыя мэты. Пазнаваўчы змест можа быць і на прагулцы, але ён не з’яўляецца асноўным, а толькі дадатковым.

Гульні-даручэнні маюць тыя ж структурныя элементы, што і гульні-падарожжы, яле па сваім змесце яны больш простыя і па часу гульні таксама карацейшыя за падарожжы. У іх аснове ляжаць дзеянні з прадметамі, цацкамі, слоўныя даручэнні. Гульнявая задача і гульвое дзеянне у іх заснаваны на сказеах тыпу: “Дапамажы Бураціне паставіць знакі прыпынку” або “Правер хатняе заданне ў Нязнайкі”.

Гульні-меркаванні “Што было б калі..?” або “Што б я б зрабіў..?”, “Кім бы я хацеў стаць і чаму?”, “Каго б я выбраў сабе ў сябра” і г.д. Нярэдка пачаткам такой нульні можа стаць малюнак. Дыдактычны змест малюнка заключаецца ў тым, што перад дзецьмі ставіцца задача і ствараецца сітуацыя, якая патрабуе асэнсавання наступных дзеяняў. Гульнявая задача закладваецца ў самой назве “Што было б калі..?” або “Што б я зрабіў…”. Гульнявыя дзеянні вызначаюцца задачаю і патрабуюць ад дзяцей мэтазгоднага патрабуемага дзеяння у адпаведнасці з пастаўленымі ўмовамі або створанымі абставінамі. Дзеці выказваюць меркаванні, якія канстатуюць факты або абагульняюць іх. Такога тыпу гульні патрабуюць суадносіць веды з абставінамі, устанаўлення прычынных сувязяў. У такіх гульнях ёсць і элемент спаборніцтва: “Хто хутчэй прыдумае?”.

Гульні-загадкі. Узнікненне загадак адносіцца да глыбокага мінулага. Загадкі ствараліся народам, уваходзілі ў абрады, многія рытуалы, уваходзілі ў многія святы. Яны выкарыстоўваліся для праверкі ведаў, кемлівасці. У гэтым і заключаецца бачная педагагічная накіраванасць і папулярнасць загадак як разумнага баўлення часу. Зараз загадкі, працэс загадвання і адгадвання разглядаюцца як від навучальнай гульні. Асноўнай прыкметай загадкі з’яўляецца складанае апісанне, якое трэба расшыфраваць (адгадаць, апісаць). Апісанне гэта лаканічна і нярэдка афармляецца ў выглядзе пытання або заканчваецца ім. Галоўнай асаблівасцю загадак выступае лагічная задача. Спосабы пабудовы лагічных задачаў самыя разнастайныя, але ўсе яны актывізуюць разумовую дзейнасць дзяцей. Ім падабаюцца гульні-загадкі, бо неабходна параўноўваць, узгадваць, думаць, здагадвацца. Усё гэта прыносіць радасць разумовай працы. Адгадванне загадак развівае здольнасці да аналізу, абагульнення, фармуе ўменне разважаць, рабіць высновы.

Гульні-бяседы (гульні-дыялогі). У аснове гульні-бяседы ляжыць кантакт выхавальніка з дзецьмі, дзяцей з педагогам і дзяцей паміж сабою. Гэтыя кантакты маюць асаблівы характар гульнявога навучання і гульнявой дзейнасці дзяцей. У гульні-бяседзе дарослы нярэдка ідзе не ад сябе, а ад блізкага дзецям персанажа і тым самым не толькі захоўвае гульнявыя зносіны, але і павялічвае радасць ад яго, жаданне паўтарыць гульню. Аднак гульня-бяседа хавае ў сабе небяспеку павелічэння прыёмаў прамога навучання. Выхавальна-навучальнае значэнне такога тыпу гульняў заключаецца ў ў змесце сюжэту – тэме гульні, у павелічэнні цікавасці да тых ці іншых аспектаў навучання, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў гульні. Пазнавальны змест гульні не ляжыць “на паверхні”, яго трэба знайсці, здабыць самому – зрабіць адкрыццё і ў выніку аб чымсьці новым даведацца. Каштоўнасць гульні-бяседы заключаецца ў тым, што яна прад’яўляе патрабаванні да актывізацыі эмацыйна-мысліўных працэсаў: адзінства слова, дзеяння, думкіі ўяўлення дзяцей. Гульня-бяседа выхоўвае ўменне слухаць і чуць пытанні настаўніка, пытанні і адказы дзяцей, уменне засяроджваць увагу на змесце размовы, дадаваць да сказанага, выказваць свае меркаванні. Усё гэта характарызуе актыўны пошук рашэння пастаўленай задачы ў гульні. Вялікае значэнне мае ўменне ўдзельнічаць у размове, што ў сваю чаргу характарызуе ўзровень выхаванасці. Асноўным сродкам гульні-бяседы з’яўляецца слова, слоўны вобраз, уступнае слова пра прадмет гульні. Вынікам гульні становіцца задавальненне, атрыманае дзецьмі.

Дыдактычныя гульні ў залежнасці ад пастаўленай задачы навучання бываюць:

1. Навучальная. Гэта такі тып гульні, калі навучэнец у працэсе ўдзелу ў гульні набывае новыя веды, уменні і навыкі або вымушаны набываць іх у працэсе падрыхтоўкі да гульні. Вынікі засваення ведаў будуць настолькі добрымі, наколькі ясна і дакладна будуць выражаны матывы пазнавальнай дзейнасці і не толькі ў гульні, але і ў самы змесце гульнявога матэрыялу.

2. Кантрольная. Да такога тыпу гульняў адносяцца такія дыдактычныя гульні, мэта якіх – паўтарэнне, замацаванне, праверка раней атрыманых ведаў.

3. Абагульняючая. Такі тып гульняў патрабуе інтэграцыі ведаў. Яны спрыяюць устанаўленню межпрадметных сувязей, накіраваны на набыццё уменняў дзейнічаць у разнастайных гульнявых сітуацыях .

Правядзенне дыдактычнай гульні

У падрыхтоўку да правядзення дыдактычнай гульні належаць:

выбар гульні ў адпаведнасці з мэтамі выхавання і навучання, паглыбленне і абагульненне ведаў, развіццё сэнсорных здольнасцяў, актывізацыя псіхічных працэсаў (памяць, увага, мысленне, маўленне);

устанаўленне адпаведнасці выбранай гульні праграмным патрабаванням выхавання і навучання дзяцей канкрэтнай ўзроставай групы;

вызначэнне найбольш удалага часу для правядзення дыдактычнай гульні (у працэсе арганізаванага навучання на занятках або ў вольны ад заняткаў час ці іншых рэжымных працэсаў);

выбар месца для гульні, дзе дзеці могуць спакойна гуляць, не перашкаджаць адзін аднаму( такое месца, як правіла, групавы пакой або ўчастак);

вызначэнне колькасці ўдзельнікаў гульні (уся група, невялікія падгрупы, індывідуальна);

падрыхтоўка неабходнага дыдактычнага матэрыялу для выбранай гульні (цацкі, розныя прадметы, малюнкі, прыродны матэрыял);

падрыхтоўка да гульні самого выхавальніка: ён павінен усвядоміць і асэнсаваць ход гульні, сваё месца ў працэсе гульні, метады кіраўніцтва працэсам;

падрыхтоўка дзяцей да гульні: узбагачэнне іх ведамі, уяўленнямі пра прадметы і з’явы навакольнага жыцця, якія неабходныя для вырашэнны задачы гульні.

Правядзенне дыдактычных гульняў уключае:

знаёмства дзяцей са зместам гульні, з дыдактычным матэрыялам, які будзе выкарыстаны ў гульні (паказ прадметаў, малюнкаў, кароткая размова, у працэсе якой удакладняюцца веды і ўяўленні дзяцей пра іх);

тлумачэнне ходу і правілаў гульні; важна, што выхавальнік звяртае ўвагу на паводзіны дзяцей у адпаведнасці з правіламі гульні, на дакладнае выкананне правілаў (што правілы гульні забараняюць, што патрабуюць, што можна рабіць);

паказ гульнявых дзеянняў, у працэсе якога выхавальнік вучыць дзяцей правільна выконваць дзеянні, паказваць, што інакш гульня не будзе мець выніку (напрыклад, гульня не мае сэнсу, калі насуперак правілам дзеці падглядваюць, калі трэба закрыць вочы);

вызначэнне ролі выхавальніка ў гульні, яго ўзел у якасці ўдзельніка гульні, балельшчыка ;

падвядзенне вынікаў гульні – гэта адказны момант кіраўніцтва гульнёю, бо па выніках, якіх дзеці дасягнулі ў гульні, можна меркаваць пра яе эфектыўнасць, пра тое ці будзе цікавая гэтая гульня ў самастойнай гульнявой дзейнасці дзяцей.

Аналіз праведзенай гульні скіраваны на выяўленне прыёмаў яе падрыхтоўкі і правядзення: якія прыёмы гульні аказаліся найбольш эфектыўнымі ў дасягненні пастаўленай мэты, што перашкодзіла ажыццяўленню пастаўленай мэты і чаму. Гэта дапаможа ўдасканаліць як падрыхтоўку да гульні, так і сам працэс яе правядзення, дасць магчымасць пазбегнуць памылак у будучым. Акрамя таго аналіз гульні дазваляе выявіць індывідуальныя асаблівасці паводзінаў, характару дзяцей, а, значыць, правільна арганізаваць індывідуальную работу з імі

Пры арганізацыі дыдактычных гульняў у старэйшай групе важна ўлічваць большыя магчымасці дзяцей ў параўнанні з дзецьмі малодшага ўзросту. У гэтым ўзроставым перыядзе дзецям уласціва цікаўнасць, назіральнасць, цікавасць да ўсяго новага, незвычайнага: дзецям хочацца самім адгадаць загадку, знайсці правільнае рашэнне задачы, выказаць уласнае меркаванне. З пашырэннем аб’ёму ведаў адбываюцца змены і ў характары разумовай дзейнасці. Па гэтай прычыне важна пры выбары гульні значную ўвагу ўдзяляць ступені цяжкасці правілаў гульні і дзеянняў у яе працэсе. Апошнія павінны быць такімі, каб праз іх ажыццяўленне дзеці выяўлялі разумовыя і валявыя намаганні.

Значнае месца ў дыдактычных гульнях займаюць матывы спаборніцтваў: дашкольнікі маюць магчымасць дзейнічаць самастойна як у выбары гульні, так і ў творчым вырашэнні яе задач.

Роля выхавальніка таксама мяняецца. Але нават і тут педагог дакладна, эмацыйна знаёміць дзяцей з яе зместам, правіламі і дзеяннямі, правярае, як удзельнікі гульні іх зразумелі, дарослы гуляе разам з дзецьмі, каб замацаваць веды, уменні і навыкі. Потым ён прапаноўвае дзецям пагуляць самастойна і спачатку сочыць за дзеяннямі ўдзельнікаў гульні, выступае ў якасці арбітра ў спрэчных сітуацыях. Аднак не ўсе гульні патрабуюць такога актыўнага ўдзелу выхавальніка. Нярэдка яго ўдзел абмяжоўваецца тлумачэннем правілаў перад яе пачаткам. Найперш гэта датычыць настольна-друкаваных гульняў.

Такім чынам, кіраўніцтва дыдактычнымі гульнямі ў старэйшым дашкольным узросце патрабуе большай прадуманасці ў працэсе іх падрыхтоўкі і правядзення. Гэта датычыць ўзбагачэння дзяцей адпаведнымі ведамі, падбор адпаведнага дыдактычнага матэрыялу, а часам і падрыхтоўкі яго разам з выхаванцамі, арганізацыі абстаноўкі гульні, а таксама дакладнае вызначэнне сваёй ролі ў гульні.

З дапамогаю гульняў-заняткаў выхавальнік не толькі передае пэўныя веды, фарміруе ўяўленні, але і вучыць дзяцей гуляць. Асновай для гульняў з’яўляюцца сфармуляваныя ўяўленні пра пабудову сюжэта гульні, пра разнастайныя гульневыя дзеянні з прадметамі. Важна, каб былі створаны ўмовы для пераносу гэтых ведаў і ўяўленняў у самастойныя творчыя гульні.

Наогул жа дыдактычны матэрыял павінен адпавядаць высокім гігіенічным і эстэтычным патрабаванням: цацкі павінны быць яркімі, цікавымі, мець высокі ўзровень мастацкага афармлення. Такі дыдактычны матэрыял прыцягвае ўвагу дзяцей, выклікае жаданне гуляць.

З дапамогаю дыдактычных гульняў выхавальнік выпрацоўвае ў дзяцей навык самастойна мысліць, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў самых разнастайных умовах у адпаведнасці з пастаўленай задачай.

Спіс выкарытаных крыніц

1.Верашчака, Г.Л. Актыўнае засваенне роднага слова / Г.Л. Верашчака // Пачатковая школа. — 1999. — №11. — С. 8 — 9.

2.Каліноўская, М.А. Гульня — гэта творчасць / М.А. Каліноўская // Пачатковая школа, 2001. — №11. — С. 7.

3.Кукса, В.М. Колеры вясёлкі: Вучымся гаварыць па-беларуску / В.М. Кукса. — Мінск, 1998. — 43 с.

4.Методыка развіцця роднай мовы: вучэб. дапаможнік / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. — 2-е выд., выпр. — Мінск: Выш. шк., 2008. -301 с.

5.Старжынская, Н.С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. — Мазыр: ТАА ВД «Белы вецер», 2008. — 112 с.

6.Старжынская, Н.С. Развіццё маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская. — Мінск, 1993. — 81 с.

поделиться в: